![]()
Лідар беларускага Адраджэння святкуе юбілей. Зянон Станіслававіч Пазьняк нарадзіўся 24 красавіка 1944 году ў вёсцы Суботнікі (Іўеўскі раён Гарадзенскай вобласці). Будучы лідар Беларускага Народнага Фронту і нацыянальнага Адраджэнння беларусаў зявіўся на свет у сям’і старэйшага сына заходнебеларускага грамадзкага дзеяча Янкі Пазьняка. У снежні 1944 году будучы палітык асірацеў праз гібель бацькі на фронце (на тэрыторыі Польшчы), якога забралі ў Чырвоную армію ўлетку. З гэтае нагоды Зянон Пазьняк звярнуўся да пахваліўшага Гітлера Лукашэнкі ў 1995 годзе:«Вы, спадар Лукашэнка, заахвочваючы Гітлера, апаганьваеце памяць майго бацькі, які загінуў пад Катавіцамі у барацьбе з гітлераўцамі, як і памяць майго дзядзькі, які прайшоў з 1941-га ўсю вайну ў танку «КВ» і згарэў у ім 9 лютага 1945 года пад Меркіш-Фрыдлянд ва Усходняй Прусіі. Калі б яны ўваскрэслі - яны б вам паказалі Гітлера». У 1967 годзе будучы старшыня БНФ скончыў мастацтвазнаўчае аддзяленьне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту, а ў 1972 годзе – аспірантуру пры Інстытуце этнаґрафіі, мастацтвазнаўства і фальклёру Акадэміі Навук Беларусі.