![]()
Велікоднае віншаванне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі; Яго апублікаваў сайт b-g. by:«Дарагія браты і сёстры!Сустрэча з таямніцай Хрыстовай Пасхі яшчэ глыбей адкрывае перад намі веліч і моц Божай любові да чалавека. Радаснае і поўнае веры перажыванне велікодных святаў напаўняе нас свядомасцю таго, якое велізарнае значэнне мае хрысціянства і як моцна яно перамяняе жыцці цэлых грамадстваў і паасобных людзей. Гэтыя святочныя дні ствараюць асаблівую нагоду для ўдзячнасці, а таксама спаткання з роднымі і блізкімі ў атмасферы, напоўненай духам Хрыстовай перамогі, прабачэння і любові. Перажыванне пасхальнай таямніцы веры дапамагае іншым позіркам паглядзець на нашае зямное жыццё. Сын Божы вядзе сваіх вучняў да канчатковай перамогі, пачынаючы ад Апошняй Вячэры праз крыжовую смерць у Вялікую Пятніцу аж да радаснага воклічу «Аллелюя! Хрыстус Уваскрос!», якое разносіцца па ўсім свеце з пакалення ў пакаленне. Жадаю Вам, каб Велікодныя святы напоўнілі Вашае сэрца і Вашыя сем’і супакоем, радасцю жыцця і шчодрымі ласкамі Уваскрослага Пана.