Дзе ў Гродне дзейнічалі паўстанцы і чаму Каліноўскі – універсальны беларускі герой

У Гродне ёсць некалькі дзясяткаў месцаў, якія маюць дачыненне да паўстання 1863-1864 гадоў ці асоб паўстанцаў. Праўда, здагадацца пра гэта цяжка, бо шыльдаў ці знакаў там няма. Траціну з гэтых месцаў наведалі гродзенцы ў час экскурсіі з гісторыкам Васілём Герасімчыкам, піша hrodna. life. Экскурсія пачынаецца каля памятнай шыльды на чыгуначным вакзале. Тут адбыўся бой паміж царскім войскам і паўстанцкім атрадам, які павінен быў выехаць з Гродна ў кірунку Парэчча. Гэта адзінае паўстанцкае месца, дзе ўсталявалі памятную шыльду. Найлепшая крыніца інфармацыі – карчма – Мы знаходзімся побач с месцам, дзе заканчвалася вуліца Раскоша [сённяшняя Ажэшкі – рэд. ]. Такую ж назву насіла карчма, дзе цяпер стаіць стаматалагічная паліклініка. Дзеячы паўстання, як Кастусь Каліноўскі, у мэтах канспірацыі выкарыстоўвалі такія месцы. Раней не кожны меў доступ нават да “Гродзенскіх губернскіх ведамасцей”. І найлепшая крыніца інфармацыі – гэта карчма, куды прыязджалі людзі з усёй губерніі.