Аляксей Марачкін: Улады як чэрці, якія баяцца крыжоў

У Менскім раённым судзе адбыўся шэраг судоў над абаронцамі Курапатаў. Штрафамі агульным памерам 4335 рублёў пакараныя 9 чалавек. Людзі былі затрыманыя 4 красавіка – у дзень, калі ў Курапатах улады знеслі першыя 70 крыжоў. Абаронцаў курапацкіх крыжоў судзілі як хуліганаў, якія не падпарадкоўваюцца міліцыі, паведамляе «Белсат». Сёння ў гэтым будынку цягам дня судзілі абаронцаў Курапатаў: пакараныя 9 чалавек. Судовы канвеер тут працягнецца і найбліжэйшымі днямі. Паўла Севярынца даставілі ў суд з ізалятару на Акрэсціна, дзе ён адбывае 15 содняў, таксама за абарону Курапатаў. Да пакарання зняволеннем дадалі штраф памерам 1 275 рублёў. «Прысуд – ён і чаканы і нечаканы. Вядома, хочацца, каб Паша быў з намі на Вялікдзень, каб мы разам адсвяткавалі Уваскрашэнне Хрыста. З іншага боку, мог быць і іншы прысуд – 15 содняў і больш. Паша чакаў сутак насамрэч, таму штраф – гэта, можна сказаць, такая неспадзяваная прыемнасць», – кажа Вольга, жонка Паўла Севярынца. Суды праходзілі цягам дня, кожны наступны адбываўся праз гадзіну пасля папярэдняга.