Сяргей Законнікаў: Наспеў час паказаць народам, як іх рабуюць

Гэта будзе дзейсная агітацыя за пераход ад аўтарытарызму да дэмакратыі. Усім вядомы народны выраз: «На злодзеі шапка гарыць». Падзеі ў краінах постсавецкага рэгіёна пастаянна даюць падставы згадваць трапныя словы. На высокапастаўленых махлярах шапкі даўно заняліся полымем і зырка гараць, але на трывожныя сігналы няма адпаведнай рэакцыі запалоханых народаў, пiша Сяргей Законнікаў для сайта sn-plus. com. Чалавечае жыццё ўладкавана такім чынам, што без прыватнай уласнасці, без грошай мы абыходзіцца не можам. Яны патрэбны ўсім. Аднак здабываць іх людзі павінны сумленна, легальнымі, законнымі спосабамі. У ХХ стагоддзі пры развале СССР адкрыліся шлюзы для працэсу лёгкай нажывы. У Беларусі і Расіі захапіліся пагоняй за багаццем усе, хто знаходзіўся ля размеркавальнікаў і ведаў дзе што ляжыць. Тут у адну плынь зліліся эканамісты «новай фармацыі», партыйныя наменклатуршчыкі, ружавашчокія камсамольскія важакі, чэкісты з «чыстымі рукамі», армейскае кіраўніцтва, прадстаўнікі праваахоўных органаў, юрыдычна падкаваныя махляры, крымінальнікі.