![]()
Жыхары Баранавіч далучаюцца да пратэсту супраць знясення крыжоў у Курапатах. Сябры “Народнай грамады” і дэмакратычныя актывісты Баранавіч правялі малітву ля Крыжа пакут, які стаіць на месцы турмы НКУС “Крывое кола”. У гэтай турме пакутавалі тысячы мірных грамадзян, многія з якіх былі расстраляныя, перадае «Радыё Рацыя». Малітва праведзена ў знак салідарнасці з абаронцамі Курапатаў і ў знак пратэсту супраць знясення там крыжоў, кажа адзін з удзельнікаў малітвы Аляксандр Швед:– Так балюча, калі бачыш, што ў Курапатах робіцца. Не можам зразумець, як у нас, у хрысціянскай дзяржаве, такое можа адбывацца. Маліліся за тое, каб да нас нарэшце прыйшло святло будучае, каб гасподзь збавіў нас ад тых бязглуздых правіцеляў, якія правяць у нас на Беларусі. Паводле Аляксандра Шведа, інфармацыю пра маючую адбыцца малітву ён размясціў у сацсетках. Нагадаем, партыя «Народная Грамада», якая ўваходзіць у Беларускі Нацыянальны Кангрэс, заклікала да новага малебну «Вызвалі нас ад лукавага» 15 красавіка а 18.