![]()
Гэта бітва паміж дабром і злом за людскія душы. На Беларусі апошнімі днямі стала яшчэ менш крыжоў. Іх бессаромна і нахабна выдзіраюць з беларускай зямлі. Выдзіраюць прама з грудзей і сэрцаў ні ў чым не вінаватых закатаваных нашых суайчыннікаў, якія пакояцца ў Курапатах. Выдзіраюць з сэрцаў і душаў кажнага жывога беларуса, спрабуючы зруйнаваць у яго свядомасці гістарычную памяць, прагу да супрацьстаяння злу, любоў да свайго і сваіх, любоў да праўды і справядлівасці. Гэта не першы раз у лёсе нашай нацыі. Знішчалі крыжы і раней. Руйнавалі цэрквы і касцёлы, змагаліся з крыжам як з сімвалам хрысціянства, і як з сімвалам нашай беларускай прыналежнасці да вялікай еўрапейскай супольнасці, і як з верай у вызваленне ад нашага чалавечага граху. Увогуле, як з верай у вызваленне. Але да могілкаў яшчэ былі не дабраліся. Дабраліся зараз. Знішчэнне крыжа на месцы масавага захаранення людзей, на могілках, гэта сімвал нашага часу. І гэтыя чорныя рытуалы на магілах нашых продкаў мала назваць вандалізмам.