Сяржук Маркаў: Некаторыя гістарычныя міты даводзіцца разбураць

Віцебскі экскурсавод вучыць расейскіх турыстаў, як прывітацца, разьвітацца, падзякаваць па-беларуску. Віцебскі экскурсавод Сяржук Маркаў сустракае турыстаў па-беларуску, хоць працуе пераважна з расейскімі групамі. Ад’яжджаючы, яны ведаюць беларускія адпаведнікі сваіх імёнаў і народныя песьні, развучаныя падчас сьпеўнага сходу на беразе Дзьвіны. Карэспандэнтам «Радыё Свабода» Сяржук распавёў, як рэагуюць на беларускую мову і чаго шукаюць у Віцебску замежныя турысты. Фота: svaboda. org «Пацяплела. Зараз панясецца», — паціраючы рукі, кажа Сяржук напярэдадні экскурсійнага сэзону. Пасьля праваслаўных Калядаў Віцебск на пару месяцаў заціхае. Рух пачынаецца ад восьмага сакавіка. У экскурсійную справу Сяржук, які ва ўнівэрсытэце спасьцігаў беларускую філялёгію, гісторыю і культуру, прыйшоў акторам батлейкі, зробленай у віцебскім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Праз тэатар пазнаёміўся зь «Ілвай» — найбуйнейшай турыстычнай кампаніяй гораду ў галіне ўязнога турызму, якой летась споўнілася 25 гадоў.