Пачобут: Лукашэнка мае выразныя антыпольскія фобіі, ён ня любіць палякаў

Менск выкарыстоўваў нармалізацыю адносінаў з Варшавай, каб прыціснуць Саюз палякаў. Госьць «Інтэрвію тыдня» на «Радыё Свабода» — журналіст, блогер, актывіст Саюзу палякаў на Беларусі Анджэй Пачобут. Ён заяўляе, што Менск выкарыстоўваў нармалізацыю адносінаў з Варшавай, каб прыціснуць Саюз палякаў, выказваецца пра стаўленьне Лукашэнкі да палякаў і тлумачыць, чаму ўлады зацята перасьледуюць менавіта «Белсат». Калі пачаўся дыялёг паміж Менскам і Варшавай, беларускія ўлады палічылі, што могуць істотна абмяжоўваць правы польскай нацыянальнай меншасьці— Пэўны час таму процістаяньне вакол Саюзу палякаў было ці не галоўнай тэмай унутранага і замежнапалітычнага жыцьця ў Беларусі. Апошнія гады гэтая тэма ў СМІ амаль не гучыць. Але 9 красавіка зьявілася даволі кур’ёзная інфармацыя, што на старшыню Саюзу палякаў у Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс склалі адміністрацыйны пратакол за арганізацыю традыцыйнага кірмашу «Казюкі». Кірмаш праводзіўся 3 сакавіка ва ўнутраным дворыку каля польскага консульства.