![]()
Гараджан абурыла перайменаванне вуліцы на карысць аднафамільца-чэкіста. На сайце Petitions. by 9 красавіка пачаўся збор подпісаў пад зваротам аб вяртаньні ранейшай назвы вуліцы Міцкевіча ў Рэчыцы: да 5 красавіка гэта была вуліца Адама Міцкевіча, цяпер жа — вуліца Яўгена Міцкевіча. На момант публікацыі зварот падпісалі больш за 100 карыстальнікаў, перадае «Радыё Свабода». У пэтыцыі адзначаюць, што рашэньне аб перайменаваньні было прынятае «кулюарна, без шырокага абмеркаваньня з жыхарамі гораду». Згадваецца, што цяперашняя вуліца Міцкевіча раней звалася Руднянскай, а была названая ў гонар супрацоўніка НКВД Яўгена Міцкевіча ў 1959 годзе — «у разгар пэрыяду камуністычнай дыктатуры». «Служба ў такой структуры ёсьць ганьбай для любога сумленнага чалавека. Увекавечваць памяць службоўцаў НКВД — гэта вяршыня цынізму, гэта плявок на памяць тых, каго бязьвінна зьнішчыла гэтая структура, — пішуць пра савецкага шпіёна Яўгена Міцкевіча. — Ні ў адной сучаснай краіне, якая перажыла пэрыяды таталітарных сыстэмаў, не называюць вуліцы імёнамі тых, хто служыў у структурах, паводле сваіх дзеяньняў падобных НКВД: Gestapo, SS, SD, OVRA і іншыя».