Карцінка застанецца — карчуюць крыж

Лукашэнка адштурхнуў ад сябе рэшткті электарату. — Ды ў нас і вернікаў у Беларусі мала. — Але гэта ня значыць, што атэістаў шмат. — А ў што вераць?— У Штосьці. Ведаеш чаму ДАІшнікі рэдка затрымліваюць бацюшак, якія парушаюць правілы?— Павага да царквы?— Баяцца, што праклянуць! Для іх сьвятар бліжэй да шамана, які мае кантакт з добрымі і злымі духамі. Можна па-рознаму ставіцца да забабоннасьці суайчыньнікаў, але факт: да ўсяго, зьвязанага з рэлігіяй, у Беларусі ставяцца сур’ёзна, хоць і своеасабліва, піша Севярын Квяткоўскі ў артыкуле для «Радыё Сваобда». А таму «добраўпарадкаваньне», а насамрэч брутальнае карчаваньне крыжоў у Курапатах выглядала інфэрнальна. Гэткім сабе рэпартажам зь пекла. Як было папраўдзе, мы наўрад ці даведаемся. Ці то Лукашэнка сказаў і забыўся, а гэтыя выканалі; ці то сказаў, не забыўся і пракантраляваў, каб выканалі. У кожным разе 1-га сакавіка Лукашэнка ў жывым эфіры «вялікай размовы» заявіў, што па пэрымэтры Курапатаў крыжы не патрэбны, а крыху больш як празь месяц, 4-га красавіка, крыжы выкапалі, папярэдне заблякаваўшы падыходы да ўрочышча з дапамогай міліцыі.