![]()
Беларусы ўзрушаныя падзеямi ў Курапатах. Ад раніцы суботы ў Курапаты ішлі людзі, каб памаліцца ня толькі за расстраляных у часы рэпрэсій, але і за тых будаўнікоў, якія пазаўчора выконвалі загады аб зносе часткі курапацкіх крыжоў, паведамляе «Радыё Свабода». «У нас свой крыжовы шлях, молімся і за збаўленьне ад граху гэтых людзей. Яны мусілі рабіць гэтую дрэнную справу, такі быў ім загад, але гэтак нельга», — кажа спадарыня Яніна. Яны з сяброўкай Сафіяй — шчырыя каталічкі. Прышлі сёньня ў Курапаты «на заклік душы». Яніна (справа) і Сафія правялі ў Курапатах свой крыжовы ход Фота: svaboda. org Пра падзеі ў Курапатах Яніна даведалася з фэйсбуку і вельмі абурылася тым, што зьнесьлі крыжы. Ці можна было пазьбегнуць канфлікту? Спадарыня Яніна не сумняваецца. «Дакладна сказаў наш мітрапаліт Кандрусевіч, што доўга гэта гісторыя цягнулася, даўно трэба было Курапаты добраўпарадкаваць, як яны кажуць, але спачатку трэба было ўсё ўзгадніць з людзьмі, якія гэтым месцам апякуюцца.