Не Бухенвальд тут, не Хатынь, а Курапаты…

Курапаты - святое для беларусаў месца. У гэтыя дні ў святым для беларусаў месцы - народным мемарыяле Курапаты, дзе ўлады знішчаюць драўляныя асвечаныя крыжы, мне прыгадаўся верш “Курапаты” слонімскага паэта Рудольфа Пастухова (1936-1997). Лёс Рудольфа Пастухова быў няпростым. Яго бацькоў знішчылі ў сталінскіх лагерах, а ён выхоўваўся ў розных дзіцячых працоўных калоніях, уцякаў адтуль, яго лавілі, зноў саджалі за краты, а ён зноў знікаў. . . Аднойчы лёс Рудольфа Пастухова закінуў у Слонім, дзе ён і пражыў усё сваё астатняе жыццё. Пісаў на рускай мове вершы, шмат друкаваўся, выдаў пры жыцці адзіны зборнік паэзіі “Судьба”. У 1988 годзе паэт напісаў верш “Курапаты”, а ў кастрычніку ён быў надрукаваны ў ЛiMe. Якраз напярэдадні тых памятных Дзядоў. Верш на беларускую мову добра пераклаў пісьменнік Іван Сяргейчык (1949-2006). “Курапаты” Рудольфа Пастухова тады перадрукавалі многія рэспубліканскія газеты і часопісы. Гэта быў верш-стогн, верш-крык, што выходзіць з самых глыбіняў чалавечага болю, да якога спрычыніўся, калі яшчэ не мог усведамляць сябе, у тыя часы, калі вырасталі Курапаты.