Уладзімер Мацкевіч: Сёньня трэба, каб лідэры думкі, у тым ліку Алексіевіч, самі выходзілі на Плошчу

Трэба ўзначалiць пратэст сваiм прыкладам. Госьць «Інтэрвію тыдня» на «Радыё Свабода» — мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч. Ён разважае, як падзеі ў Курапатах зьвязаныя з прэзыдэнцкімі выбарамі, тлумачыць, як улады імкнуцца дасягнуць поўнай пасіўнасьці і абыякавасьці грамадзтва, і паказвае, як грамадзтва можа гэтаму супрацьстаяць. Гэта можна лічыць выпрабаваньнем цярпімасьці, абыякавасьці беларусаў— Зруйнаваньне крыжоў у Курапатах выклікае ў многіх людзей найперш эмацыйную рэакцыю. Але відавочна, што ўлада, ідучы на такі крок, мела перад сабой даволі практычныя, палітычныя мэты. На вашую думку, чаго дабівалася ўлада, робячы разгром у Курапатах?— Заўсёды вельмі цяжка ўлазіць у сьвядомасьць тых, хто робіць рэчы, якія з любога гледзішча падаюцца недарэчнымі. Бо такімі дзеяньнямі ўлады, падаецца, наступілі на інтарэсы праваслаўнай, каталіцкай царквы, усіх людзей, якія гэтымі гадамі ўшаноўвалі і ўладкоўвалі Курапаты. Нават тых людзей, якія асабліва не цікавіліся такой тэматыкай, абурылі і абудзілі гэтыя дзеяньні напярэдадні Вялікадня.