Грэка-каталіцкая царква блаславіла беларусаў, якія змагаюцца за Курапаты

Прэс-служба апостальскага візітатара апублікавала афіцыйную заяву. Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) блаславіў вернікаў, якія праз строгі пост ў пятніцу 5 красавіка 2019 г. , праз малітву і праз руплівае пакланенне Крыжу Хрыстоваму ў бліжайшыя дні, уключна з нядзеляй 7 красавіка 2019 г. , бачаць абавязак перапрасіць Бога за гэты блюзнерчы акт зносу крыжоў у Курапатах. Такую заяву апублікавала прэс-служба апостальскага візітатара. «Крыж для хрысціянаў з’яўляецца святым сімвалам пакуты і збаўчай смерці Госпада нашага Ісуса Хрыста. Для усіх людзей абсягу хрысціянскай цывілізацыі крыж з’яўляецца сімвалам памяці памерлых, асабліва тых, якія памерлі ад несправядлівага насілля. Курапаты гэта месца памяці пацярпелых людзей усіх нацыянальнасцей і рэлігій, месца болю для многіх беларускіх грамадзянаў, продкі якіх пацярпелі ад жахлівых і несправядлівых сталінскіх рэпрэсій ў першай палове ХХ стагоддзя. Важнасць гэтага памятнага месца адзначана беларускай дзяржавай, якая уключыла гэта месца ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей пад катэгорыяй 1, якая надае помніку міжнароднае значэнне.