Зянон Пазьняк: Уставайце на абарону Курапатаў!

Лукашысты будуць пакараныя. Адкрывальнік Курапатаў і адзін з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту Зянон Пазьняк назваў «Свабодзе» сёньняшнія падзеі ў Курапатах пачаткам адкрытай вайны супраць памяці беларускага народу. Паводле лідэра КХП БНФ, гэта робіцца на загад Лукашэнкі і на патрабаваньне Масквы. «Нашчадкі тых бальшавіцкіх бандытаў, якія зьнішчылі ў Курапатах сотні тысяч людзей, хочуць схаваць гэтую памяць. І таму яны хочуць зьнішчыць памяць пра генацыд, зьнішчыць магілы і замяніць гэта ўсё хлусьнёй, абалваніць цэлае пакаленьне. Вось сутнасьць гэта вайны» — лічыць Зянон Пазьняк. Адкрывальнік Курапатаў хоча праз Свабоду зьвярнуцца «да ўсіх людзей у Беларусі, у якіх жывыя душы. Уставайце на абарону Курапатаў. Уставайце на абарону Народнага мэмарыялу. Ідзіце ў Курапаты, будзьце там. Хай там вас будзе шмат. Я зьвяртаюся да вернікаў каталіцкага касьцёлу і праваслаўных беларусаў, да эвангельскіх хрысьціянаў, да габрэяў, чые помнікі варвары рэжыму нядаўна апаганілі.