![]()
Беларусы Сан-Францыска і Бэй Эрыі сабраліся на свята Дня Волі ў Каліфорніі. Трэці раз запар свята адбываецца ў маляўнічым парку горада Сан Матэа, на беразе заліва Сан-Францыска, піша «Новы час». У гэтым годдзе на свята быў запрошаны вядомы беларускі музыка Сяргей Доўгушаў. Па вядомай традыцыі амерыканскіх індзейцаў «Потлак» (potluck), беларусы прынеслі шмат ежы, з прысмакаў нават былі дранікі, смажаныя на грыле каўбаскі, разынкай святочнага стала стаўся торт з надпісам БНР 101. Арганізатарка свята Надзея Нортан павіншавала беларусаў са 101-й гадавінай абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі і крыху распавяла пра гісторыю стварэння БНР, ды заклікала папляскаць у далоні ў гонар айцоў-заснавальнікаў БНР. На свята з Арызоны спецыяльна прыляцела заснавальніца Фэйсбук-суполкі Official Page: Belarusians in California - San Francisco/Bay Area”, якая існуе ад 2008 года, Ліана Бурсава. Яна прывітала ўсіх, ды прапанавала кожнаму падысці да незнаёмага чалавека і пагутарыць. Сяргей Доўгушаў распачаў канцэрт, заспяваў беларускія песні, зайграў на ліры і дудках.