![]()
30 сакавіка ў Мінску на галоўнай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы адбылася вялікая лакальная канферэнцыя TEDxMinsk «Абуджэнне розуму».
Усяго 400 чалавек змаглі трапіць на гэта мерапрыемства, бо ўсе квіткі былі прададзеныя за няпоўныя 4 дні яшчэ ў лютым. Усе, хто не змог трапіць у зал, могуць паглядзець запіс трансляцыі на YouTube-канале TEDxMinsk, а таксама запіс выступаў спікераў праз некалькі тыдняў на канале TEDx.
Наступная канферэнцыя – TEDxYouth@Minsk – адбудзецца 18 мая ў Prime Hall і ўпершыню цалкам пройдзе на беларускай мове. Удзел у ёй можна прыняць праз рэгістрацыю на сайце velcom YOUTH і на сайце TEDxMinsk.
«У гэтым годзе наша канферэнцыя прайшла на хвалі небывалага ажыятажу. Літаральна кожны дзень мне даводзілася адказваць на званкі, дзе яшчэ можна набыць квіткі. Нам удалося рэалізаваць нашу даўнюю мару: правесці нашу вялікую інтэлектуальную канферэнцыю TEDxMinsk у асаблівай прасторы – на галоўнай сцэне Купалаўскага тэатра. А ў наступным годзе будзем разглядаць для канферэнцыі больш умяшчальную пляцоўку», – адзначыла ліцэнзіят TEDxMinsk Іна Карней.