Сяргей Пятрухін: Я паказваю людзям рэчаіснасць

Блогер рыхтуецца да суду па крымінальнай справе. Берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін рыхтуецца да суду па крымінальнай справе, узбуджанай супраць яго. Вінавацяць відэажурналіста, які ў тым ліку асвятляе пратэсты супраць небяспечнага акумулятарнага завода і злачынствы сілавікоў, у „паклёпе” і „абразе” супрацоўнікаў міліцыі. „Справа вядзецца ўжо больш за паўгода”, – распавядае racyja. com сам Сяргей:– Узбуджаная крымінальная справа. Арыштавалі маёмасць. І правялі ўсё ў рамках заканаўства. Абраза і паклёп – гэта два пункты ў адной справе. Мне мой следчы прызначыў псіхіятрычную экспертызу… Справа ў тым, што я раблю сваю працу. Я паказваю людзям рэчаіснасць. Я гэта і буду працягваць рабіць. А такім чынам «наехаць» на мяне… Я ведаю толькі адно, што яны могуць усё зрабіць беспакарана. Вось гэта крыху напружвае. У іх мэта такая – «заткнуць» мяне. Можа прысадзіць. Але калі пасадзяць, можа так будзе і лепей. Судовыя слуханні па крымінальнай справе пачнуцца 9 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Берасця.