Зорка Наталі Санько

31 сакавіка пасля доўгай цяжкой хваробы памерла жонка галоўнага рэдактара выдавецтва «Тэхналогія». Пасля доўгай цяжкой хваробы 31 сакавіка памерла Наталя Санько, жонка галоўнага рэдактара выдавецтва «Тэхналогія», яго верная сяброўка і паплечніца ў беларускай справе. Гэты артыкул пра спадарыню Наталю надрукаваны ў апошнім нумары «Новага Часу» (№12 ад 29 сакавіка). З Радзімам Гарэцкім на прэм’еры оперы Яна Голанда «Чужое багацце нікому не служыць». 7 ліпеня 2009 г. Фота з сямейнага архіва У хуткаплыннасці сучаснага, перанасычанага падзеямі ды інфармацыяй жыцця здараецца так, што ты вельмі даўно знаёмы з некім, сустракаешся на літаратурных прэзентацыях і вернісажах, у рэдакцыях і выдавецтвах, але гэтае знаёмства не пераходзіць мяжы ўзаемапавагі і ветлівасці. Але аднойчы надыходзіць момант, калі як быццам нанова адкрываеш для сябе гэтага чалавека, і ягонае жыццё паўстае перад табой ува ўсёй сваёй шматфарбнасці і непаўторнасці. Высвечваецца сапраўдная значнасць асобы.