Як палешукі талакой адстойваюць возера Чырвонае

Змаганьне за возера пачалося з пачаткам новага году. Жыхары вёсак ля возера Чырвонага (Жыткавіцкі раён) ладзяць талокі ля вадаёму. Яны прыбралі сьмецьце, цяпер будуюць альтанкі і садзяць дрэвы. Усё — сваімі сіламі. Возера хоча далучыць да сваёй тэрыторыі Нацыянальны парк «Прыпяцкі». Палешукі паўсталі супраць такога рашэньня, паведамляе «Радыё Свабода». Змаганьне за возера пачалося з пачаткам новага году. У студзені зьявіўся праект распараджэньня прэзыдэнта, паводле якога плянуецца павялічыць плошчу паляўнічых угодзьдзяў нацпарку «Прыпяцкі» за кошт перадачы ў бясплатнае карыстаньне возера Чырвонае з прылеглай тэрыторыяй працягласьцю 3 кілямэтры. Цяпер 2/3 возера — у арэндзе мясцовага лясгасу і прадпрыемства «Жыткавічыхімсэрвіс» да 2025 году. Яшчэ траціну арандуе нацыянальны парк. Мясцовыя людзі абурыліся, што пры новым «гаспадары» яны ня здолеюць нават падыйсьці да возера. У Жыткавіцкім раёне ўжо былі выпадкі, калі вадаёмы і лес Нацыянальны парк абносіў калючым дротам, ставіў шлягбаўмы.