![]()
За якія ідэлы змагаўся нацыянальны герой. Літоўскія дасьледнікі ідэнтыфікавалі парэшткі Кастуся Каліноўскага. Іх зьбіраюцца перапахаваць на віленскіх могілках Росы. Свабода тлумачыць, хто такі Кастусь Каліноўскі і якое дачыненьне ён мае да Беларусі. Хто такі Кастусь Каліноўскі?Кастусь Каліноўскі — адзін зь лідэраў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў, які стаў нацыянальным героем беларусаў, літоўцаў і палякаў. Нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны Горадзенскага павету (цяпер у Падляскім ваяводзтве Польшчы) у сям’і Сымона, безьзямельнага горадзенскага шляхціча, уладальніка невялікай ткацкай мануфактуры, і Вэранікі, якая памерла, калі сыну было 5 гадоў. У 1847–1852 гадох вучыўся ў Сьвіслацкай павятовай вучэльні. Вялікі ўплыў на К. Каліноўскага меў старэйшы брат Віктар, які вучыўся ў Маскоўскім унівэрсытэце і дасьледаваў на даручэньне Віленскай археалягічнай камісіі старадаўнія беларускія рукапісы. У 1856 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэту, які скончыў праз чатыры гады з навуковай ступеньню кандыдата права.