Ён чытаў зоры

Жменя згадак пра Алеся Пісьмянкова. Паэт, народжаны ў прыгожым краі, павінен паказаць людзям ягоную прыгажосць і хараство, так бы мовіць,  плаціць свой доўг. Хораша сказаў пра гэта яшчэ ў 1913 годзе ў «Нашай Ніве» мудры Вацлаў Ластоўскі: «Паэта павінен быць вучыцелем і прарокам свайго народа. Быў светлы, трошкі зажураны, вераснёўскі дзень. Мы з Алесем выбраліся ў грыбы. Ён прыехаў да мяне на Вілейшчыну. Маю родную вёску Клеявічы, прыгожую, песенную, што маляўніча цягнулася паўз Бесядзь, знішчыў Чарнобыль. Алесевы Бялынкавічы, што стаяць таксама на Бесядзі, — наўпрост ад маёй кіламетраў дзесяць, — ацалелі. Верасень у 2003 годзе быў грыбны. Алесь прыехаў павіншаваць мяне з 65-годдзем. Сабраліся суседзі, амаль усе жыхары невялікай лясной вёсачкі Пятрылава. Алесь быў у добрым гуморы, дасціпна, весела жартаваў, ягоны густы басавіты голас уладарыў у застоллі. Ён тады працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Вожык». Я слухаў Алеся, пазіраў на яго адухоўленае, паэтычнае аблічча: русявы чуб, пшанічныя вусы, сінія вочы, ды яшчэ прозвішча — Пісьмянкоў… Яму лёсам наканавана пісаць, думаць вершы — так вызначыў сваё крэда сам Паэт.