![]()
У дэбютным сезоне ў «Футбольнай лізе дзяўчат» згуляе 60 калектываў з усёй Беларусі. Беларуская федэрацыя футбола пры тэхнічнай і фінансавай падтрымцы ФІФА ўпершыню на тэрыторыі Беларусі запускае футбольную лігу для паненак, узрост якіх не перавышае 13 год. У дэбютным сезоне ў Футбольнай лізе дзяўчат згуляе 60 калектываў з усёй Беларусі. Удзел у спаборніцтвах возьмуць не толькі каманды ад ДзЮСШ ці іншых спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, але і прадстаўніцы звычайных агульнаадукацыйных школ ці фізкультурна-спартыўных клубаў пры выканкамах. Каманды падзелены на восем зон па тэрытарыяльным прынцыпе. Пры падзеле ўлічвалася два фактары: каб у кожнай групе была прыблізна аднолькавая колькасць калектываў і каб усе яны знаходзіліся на зручнай адлегласці адзін ад аднаго. Сістэма наступная: каманды ў красавіку-траўні з’язджаюцца ў адно месца і гуляюць між сабой па двухкругавой сістэме. Пераможцы васьмі рэгіянальных зон выходзяць на рэспубліканскі этап і ў пачатку чэрвеня прыязджаюць у Мінск, дзе ў матчах па алімпійскай сістэме вызначаюць лепшую каманду краіны.