У Гданьску і Сопаце адзначылі 101-ыя ўгодкі БНР

Беларусы Трыгарада святкуюць Дзень Волі ўжо 20-ы год запар. 23 сакавіка традыцыйна ўжо з нагоды 101-ых угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі, дваццаты год запар, беларусы Трыгарада сустрэліся на Гарнізонных могілках у цэнтры Гданьска, каб ушанаваць памяць Сэрафіны і Лукі Дзекуцяў-Малеяў ды мастака Козьмы Чурылы, перадае «Радыё Рацыя». Пры магіле Лукі Дзекуця-Малея пастар баптысцкай царквы ў Гданьску Робэрт Мікса прачытаў фрагмент Евангельля Св. Яна. Лена Глагоўская гэты ж фрагмент прачытала на беларускай мове – у перакладзе Л. Дзекуця-Малея і прадставіла яго заслугі як камісара БНР для Беласточчыны, а пасля як пастара баптысцкай царквы ў Берасці і на Палессі. На магіле ўсклалі вянок і запалілі знічкі. Прысутнічалі таксама ўнучка Л. Дзекуць-Малея – Альжбета і праўнук Лукаш. Кветкі таксама ўсклалі і запалілі знічкі на магілах беларускай настаўніцы Сэрафіны Дзекуць-Малей і мастака Козьмы Чурылы. Не абмінулі і магілы нашага былога дзеяча Анатоля Піруты, які родам з Сакольшчыны.