Выйшаў першы студыйны альбом Віктара Шалкевіча

Гэтай падзеі прыхільнікі гарадзенскага музыкі чакалі 15 гадоў. Віктар Шалкевіч запісаў студыйны альбом новых песень ды яшчэ ў поўным гуку. Рэліз выйшаў падвоеным з 14 гітамі выканаўцы ў дадатак, паведамляе nn. by. Пра свой намер наведаць студыю, каб запісаць альбом Віктар Шалкевіч абвесьціў яшчэ пяць гадоў таму. Але далей за прэзэнтацыю канцэртных вэрсіяў новых песень справа за гэты час так і не даходзіла. Папярэднія два альбомы гарадзенскага барда «Шчасьлівая сямёрка» (2010) і «Гарадзенец прызямліўся ў Менску» (2006) таксама ўяўлялі зь сябе канцэртныя запісы. І вось нарэшце на 60-годзьдзе музыкі пабачыў сьвет падвоенны CD «Такая доўгая зіма» з новымі запісамі і даўнімі гітамі. Усяго ў рэліз увайшло 33 трэкі — 9 зь іх зусім новыя, якія запісваліся ў студыі кляштару ў Баранавічах. Да кожнага зь іх музыка запісаў яшчэ прадмову. А ў другі дыск увайшло 14 абраных гітоў Шалкевіча, якія ў свой час былі запісаныя і зьведзеныя ў студыі «Радыё Беласток». Адмыслова да прэзэнтацыі на TuzinFM аўтар альбому падрыхтаваў прадмову.