Чаму беларушчына будзе жыць

Мова наша жыла заўсёды – і ня толькі пад сялянскімі стрэхамі ў вусных гаворках. На сьвята Дня волі беларусы ў Празе, як заўсёды, ускладалі кветкі да магілаў старшыняў Рады БНР Пётры Крачэўскага і Васіля Захаркі ды іншых дзеячаў — у тым ліку да магілы Міколы Вяршыніна. Гэты новы адрас памяці стаў вядомы толькі летась. Дзякуючы намаганьням беларускага краязнаўцы Сяргея Кнырэвіча на Альшанскіх могілках была знойдзена магіла праскага карэспандэнта «Нашай Нівы» і дыпляматычнага прадстаўніка ўраду БНР у даваеннай Чэхаславаччыне Міколы Вяршыніна. Вяршынін нарадзіўся ў 1866 годзе, а памёр у 1934-м. Паводле ўзросту ён мог быць бацькам большасьці айцоў-заснавальнікаў БНР. І вось гледзячы на даты надмагільнай пліты Вяршыніна, мне падумалася пра скразную непарыўнасьць беларушчыны ў стагодзьдзях. Некалі нас вучылі ва ўнівэрсытэтах, што ў 1696 годзе беларуская мова была забароненая і наступілі змрочныя часы палянізацыі XVIII стагодзьдзя, якія зьмяніліся русыфікацыяй XIX стагодзьдзя.