![]()
Дзень Волі беларусы Падляшша адзначаюць на працягу 30-ці гадоў. Беларусы Беласточчыны ўрачыста адзначылі Дзень Волі. Спачатку святкаванняў у Беластоку прагучаў аўдыёзапіс звароту Івонкі Сурвілы з нагоды 25 сакавіка скіраваны да беларусаў Беласточчыны, перадае «Радыё Рацыя». Удзельнікі святкавання паглядзелі кароткі фільм Лукаша Стэпанюка пра мінулагодняе святкаванне 25-га сакавіка ў Беластоку. Прафесар Алег Латышонак распавёў пра падзеі 100-гадовай даўніны – дзейнасць беларускага ўраду ў Гародні і адраджэнне на Беласточчыне. Прадстаўнік арганізацыйнага камітэту святкаванняў Яўген Вапа прыгадвае, што Дзень Волі беларусы Падляшша адзначаюць на працягу 30-ці гадоў. Свята застаецца важным як для старэйшага, так і для маладзейшага пакалення:– Для нас важна тое, што беларусы Беласточчыны былі сярод тых, хто будаваў гэтую дзяржаву. Першы прэм’ер Язэп Варонка з Кузніцы Беластоцкай, які потым эміграваў у Амерыку, дзе таксама займаўся беларускімі справамі. Акт 25-га сакавіка дае менавіта тое эмацыйна-псіхалагічнае пачуццё, што мы не горшыя.