Івонка Сурвілла: Рада БНР можа перадаць мандат толькі дэмакратычна абранаму кіраўніцтву Беларусi

Старшыня Рады БНР выказалася пра пераемнасць нацыянальнай улады ў нашай краіне. Набліжаецца Дзень Волі. Госця эфіру «Радыё Рацыя» – старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі спадарыня Івонка Сурвілла. - Мы ўжо азнаёміліся з вашым зваротам. Найперш ён скіраваны да моладзі. Чаму? Бо, на маю думку, многія маладыя беларусы нават і не ведаюць, што тая Рада БНР, якая фактычна была заснаваная яшчэ ў 1917 годзе падчас Першага Усебеларускага кангрэсу, існуе дагэтуль і мае старшыню. - Я звяртаюся да моладзі, бо сапраўды веру, што яна – нашая надзея. Толькі моладзь, якая не мае настальгіі па савецкім рэжыме, якую старэйшыя, на жаль, маюць, – чаго я зусім не разумею, дык моладзь, якая пабачыла рэшту свету, якая ведае, як жывуць іншыя краіны, як адносяцца да людзей, як цэняць сваю незалежнасць і сваю волю, толькі гэтыя людзі змогуць нешта зрабіць для Беларусі. - Хто сёння, на Вашую думку, галоўны вораг Беларусі?- Ён заўсёды быў – гэта наш усходні сусед. Ён заўсёды праяўляў імперыялістычныя амбіцыі, заўсёды стараўся сцерці нас з карты свету і ўгаварыць свет, што мы не існуем, што мы – частка Расеі.