«Людзей, якія хочуць новую Беларусь, вельмі шмат»

Нацыянальная ідэя — быць беларусамі — можа аб’яднаць наш народ. Ці зьяжджаць за мяжу, ці вучыць беларускую мову, дзе шукаць лекі ад страху — пра што пыталіся ў Сьвятланы Алексіевіч ліцэісты, выкладчыкі, палітыкі, дэпутаты і дыпляматы. 15 сакавіка Радыё Cвабода зладзіла прэзэнтацыю кнігі Сьвятланы Алексіевіч «Сто цытатаў на Свабодзе». І дало магчымасьць кожнаму задаць пытаньне Нобэлеўскай ляўрэатцы Сьвятлане Алексіевіч. — Ці патрэбная для вольнай Беларусі беларуская мова?— Абавязкова патрэбная. Але трэба пагадзіцца з думкай, што ў гэты прамежкавы час ня трэба агрэсіі да расейскай мовы. Калісьці дзяржаўнаю моваю мусіць быць беларуская, але мы мусім праявіць павагу да расейскай мовы, бо гэта мова вялізных адломкаў рускай імпэрыі і яшчэ вельмі шмат людзей размаўляюць на ёй. — Я думаю, кожны разумее, што ў Беларусі цяпер складаная сытуацыя. Мы з усіх бакоў абкружаныя такімі неадназначнымі суседзямі — тут у нас і Польшча, і Расея, а за акіянам яшчэ і Амэрыка, для якой мы патэнцыйны палігон.