Лукашэнка баіцца Каліноўскага

У Беларусі існуе палітычная замова на дэгераізацыю гістарычных пэрсанажаў. Кастусь Каліноўскі быў у пантэоне беларускіх нацыянальных герояў у савецкія часы. Гэта фактычна адзіны дарэвалюцыйны гістарычны пэрсанаж, які тады адназначна трактаваўся са знакам плюс — як лідэр сялянскага паўстаньня. Бо адпавядаў савецкаму канцэпту: рухавіком гісторыі ёсьць клясавая барацьба. Вуліца Каліноўскага ў Менску — адна зь нямногіх вуліц сталіцы БССР, названых у гонар герояў гісторыі Беларусі да 1917 году. Яму былі прысьвечаныя творы кінэматографу, мастацкай літаратуры (Уладзімер Караткевіч і інш. ), жывапісу (Пётра Сергіевіч). І калі пасьля распаду СССР і ўтварэньня незалежнай Беларусі ўзьнікла пытаньне пра заснаваньне ўласных беларускіх узнагародаў, то выбраць патронаў для іх не было складана. У 1995 годзе быў зацьверджаны ордэн Кастуся Каліноўскага. І, дарэчы, Каліноўскі — ці не адзіны беларускі гістарычны дзяяч, які не выклікаў ніякага расколу ў грамадзтве, палітычнай клясе. Яго прызнавалі і нацыяналісты, і камуністы (бо, як адзначана, ён быў знакавай постацьцю з савецкіх падручнікаў).