Творчая суполка «Пагоня» адкрыла ў Менску выставу «Адраджэнне»

Выставу можна наведаць да 20-га красавіка. Мары ды ідэалы заснавальнікаў БНР актуальныя і сёння, адзначаюць арганізатары выставы, прысвечанай угодкам абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. У сюжэтах шмат нацыянальных сімвалаў, выявы будынкаў і гарадоў, звязаных з дзейнасцю Рады БНР. Створаная партрэтная галерэя айцоў-заснавальнікаў і грамадскіх дзеячаў, паведамляе «Белсат». «Вы іх можаце бачыць за нашай спінаю. І хоць гэта камернае месца, але яно можа быць месцам такога камернага значэння гэтага юбілею. Бо дзяржава не хоча, не дазваляе ў шырокім маштабе адзначыць, тым не менш такія камерныя адзначэнні будуць», – кажа айцец Леанід Акаловіч, Беларуская аўтакефальная царква. Размясцілася выстава ў кавярні «BeerShow» на вуліцы Валадарскага 7. Гэты дом ушчыльную прымыкае да будынку, дзе 25-га сакавіка 1918-га года абвесцілі незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. У гэтым жа бары размяшчаецца і памятная шыльда, зробленая Алесем Шатэрнікам яшчэ ў 1993-ім годзе.