Генадзь Барбарыч: Рабіць сваю справу, а калі спатрэбіцца – трымаць удар

Такія парады маладым журналістам дае іх дасведчаны калега. У якіх умовах даводзіцца сёння шукаць інфармацыю, ці можа журналіст прымаць адзін з бакоў канфрантацыі? Пра гэта ды іншае распавёў у студыі “Радыё Рацыя” журналіст Генадзь Барбарыч. - Наколькі сёння журналіст-фрылансер небяспечная прафесія?- Небяспечная – гэта, мабыць, занадта моцнае слова, але непрыемнасцей хапае. Беларускае заканадаўства не дазваляе працу без акрэдытацыі. Лічыцца, што мы вырабляем незаконную прадукцыю. Некаторыя журналісты “Радыё Рацыя” ўжо па дзесяць разоў падавалі на акрэдытацыю. Марнуецца час, а вынік – адмоўны. І таму за працу без акрэдытацыі журналістаў прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці з вялікімі штрафамі. І такіх выпадкаў вельмі шмат. Увогуле, нягледзячы на ўсю абвешчаную “лібералізацыю”, на журналістаў за апошні год узмоцніўся ціск. Варта ўзгадаць „справу БелТА”. - Калі ацэньваць зараз гэтую сітуацыю, ці можна сказаць, што гэта быў элемент запалохвання?- Гэта відавочна. Каб ведалі, як нядаўна сказаў Лукашэнка, межы, якія нельга пераступаць.