Гумавы Менск

З такім жа поспехам, як гарады-спадарожнікі, чыноўнікі могуць паспрабаваць развіваць горад на Месяцы. Панаехалі тут. Нечага ўсім у сталіцу ехаць. Заставайцеся ў сваіх аграгарадках. Самы «галоўны мянчук» заявіў, што 20% насельніцтва і так жыве ў сталіцы, далей ужо нельга. А таму будаўніцтва тут будуць па-троху спыняць. «Менск – не гумавы,» – падкрэсліў «самы галоўны сталічны жыхар». І чарговы раз сказаў, каб акцэнт рабілі на развіцці гарадоў-спадарожнікаў. З такім жа поспехам можна спрабаваць развіваць горад на Месяцы: колькі не ўкідвай грошай, а без кіслароду там жыць будзе немагчыма. Вось ужо які год збіраюцца развіваць гарады-спадарожнікі Менска. Усё развіваюць, развіваюць, а яны ўсё ніяк не развіваюцца. І людзі ўсё едуць і едуць у Менск. Яно зразумела: калі ў гарадах-спадарожніках няма адпаведнай інфраструктуры, няма работы, то людзі там наўрад ці застануцца. Вось які сэнс перазджаць у горад-спадаржнік, калі адтуль давядзецца ездзіць на працу ў Менск. І грошай на такое шчасце пойдзе нямала.