Настае час вылазіць з «падпечку»

Падзеі паказваюць, што незадаволенасць людзей, якая выяўлялася лакальна, перарастае ў маштабны пратэст. Старэйшыя беларусы, якія выраслі ў вёсцы, памятаюць даўні побытавы малюнак. Лютай зімою курыную чараду на чале з фарсістым пеўнем, каб не замерзла ў халодным хляве, звычайна перасялялі ў цёплую хату ў падпечак. Адтуль даносілася прыглушанае кудахтанне і кукарэканне. Згадка маленства пераклікаецца з сітуацыяй, якая зацягнулася ў Беларусі, паралізаванай аўтарытарызмам. У тым, што мы трапілі ў «падпечак», вінаваты самі. Калі б з 1994 года на кожны нахабны крок правіцеля па ўзурпацыі ўлады своечасова рэагавала насельніцтва, як гэта робіцца ў цывілізаваных краінах, то не было б адміністратыўнага гвалту і разгулу цемрашальства. Клан партыйнай наменклатуры, загартаванай у кар’ерных інтрыгах, і камсамольскіх «шукальнікаў шчасця» на чале з былым дырэктарам саўгаса з першых дзён кіравання рабіў незалежную дзяржаву «пад сябе і для сябе». У хаосе пераходу ад сацыялізму да «дзікунскага капіталізму» здзяйсняць такое было лёгка.