Генадзь Фядыніч папрасіў дазвол наведваць у нядзелю богаслужэнні ў царкве

У аддзеле прымусовага выканання Цэнтральнага раёна вельмі абурыліся, калі даведаліся пра просьбу лідара прафсаюза РЭП. Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, які зараз адбывае пакаранне на “дамашняй хіміі”, напісаў заяву на імя начальніка Цэнтральнага РУУС Мінска з просьбай дазволіць яму наведваць у нядзелю царкву. “У аддзеле прымусовага выканання Цэнтральнага раёна вельмі абурыліся, калі даведаліся пра такую маю просьбу”, – распавёў Генадзь Фядыніч сайту palitviazni. info. Нагадаем, што 9 лістапада мінулага года ў Мінскім гарадскім судзе лідары прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік абскарджвалі прысуд ад 24 жніўня 2018 года, паводле якога яны прызнаны вінаватымі па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры). Суд Савецкага раёна асудзіў кіраўнікоў прафсаюза РЭП на 4 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу. Мінскі гарадскі суд пакінуў рашэнне раённага ў сіле. У дачыненні да Ігара Комліка абмежаванні пачалі дзейнічаць з 19 снежня мінулага году, да Генадзя Фядыніча – з 4 студзеня гэтага году.