100 гадоў таму пачалося антыбальшавіцкае паўстанне ў Нясьвіжы

Як нашыя продкі змагаліся з захопнікамі. Насуперак гістарычным штампам і міфам, што ўкараняла савецкая ідэалогія, беларусы павінны ведаць і памятаць пра тое як патрыёты краю змагаліся з захопнікамі сто гадоў таму, перадае «Радыё Рацыя». Прыход бальшавікоў у 1919 годзе ў Беларусь адразу прынёс шматлікія рэпрэсіі і забойствы мясцовых грамадска-палітычных дзеячаў, рабаванне насельніцтва. Невыпадкова гэты год адзначаны на нашай зямлі цэлым шэрагам выступаў і нават паўстанняў супраць бальшавіцка-расейскай дыктатуры. 14 сакавіка 1919 года ў горадзе Нясьвіж пачалося антыбальшавіцкае паўстанне, у выніку якога жыхары вызвалілі горад ад бальшавікоў. Праз некалькі дзён яно было задушана прысланымі з Менску чырвонаармейцамі. Падзеі разгортваліся наступным чынам. У лістападзе 1917 года ў Нясьвіжскім замку адбыўся з’езд бальшавікоў 2-й арміі Заходняга фронту, які абраў ваенна-рэвалюцыйны камітэт, што меў на мэце гвалтам падпарадкаваць сваёй волі беларусаў. На пачатку 1919 года, калі немцы пачалі пакідаць акупаваную імі Беларусь, адразу заварушыліся мясцовыя агенты Масквы.