![]()
Калі бяздзейнічае ўлада, трэба браць ініцыятыву ў свае рукі. Беларускія грамадскія арганізацыі плануюць правесці перамовы з літоўскімі ўладамі адносна беларускай мовы на магілах паўстанцаў Каліноўскага, перадае «Радыё Рацыя». У папярэднім варыянце, прапанаваным уладамі гэтай краіны, ёсць толькі літоўская і польская мовы. Перапахаванне паўстанцаў, парэшткі якіх былі знойдзены летась на гары Гедыміна ў Вільні, адбудзецца ўвосень, дакладнай даты пакуль няма. Гаворыць старшыня арганізацыі Беларуская нацыянальная памяць Анатоль Міхнавец. – Я думаю, што, напэўна, нейкая прыблізная дата ў літоўскага боку ўжо ёсць, але яны не агучваюць яе, каб не было непатрэбных розных інсінуацый, а ўсё грунтоўна падрыхтаваць. Таму мы хочам правесці перамовы. Мы не ведаем, ці афіцыйны беларускі бок удзельнічае ў нейкіх перамовах, ці ёсць у іх зацікаўленасць. Калі няма ў афіцыйных уладаў гэтай зацікаўленасці, то будуць прадстаўнікі грамадскай супольнасці размаўляць з літоўскімі ўладамі, дамаўляцца пра нашу прысутнасць, пра беларускую мову і іншыя рэчы.