![]()
У дэмакратычнай Беларусі будзе створаны музей, прысвечаны абсурду сістэмы, у якой мы існавалі. Кожны новы факт дзікунскага вандалізму на святой тэрыторыі народнага мемарыялу ў Курапатах, які захоўвае жалобную памяць пра ахвяраў масавых сталінскіх рэпрэсій, выклікае ў выхаванага, культурнага чалавека не толькі абурэнне, але і вялікую занепакоенасць маральным станам грамадства. Рэгулярнасць актаў вандалізму ў месцах ушанавання гераізму змагароў за незалежнасць Айчыны або вечнага спачыну ахвяраў камуністычнага рэжыму наводзіць на сумную думку, што аўтарытарная ўлада задаволена ганебным становішчам, разгулам цемрашальства. Калі б гэта было не так, то злачынцы даўно б знайшліся і панеслі б суровае пакаранне, каб стала непавадна іншым мярзотнікам. Неабыякавых грамадзян даймаюць пытанні: хто ж канкрэтна стаіць за амаральным паскудствам, якое бытуе дзесяцігоддзямі, хто клапатліва апякуе яго, чаму ўплывовых правакатараў з шэрагаў «нябачнага фронту» не бяруць за вуха і не выцягваюць на сонейка, каму выгадна падзяляць насельніцтва на «нашых» і «нянашых»? Яны прыходзяць да высновы, што злачынную гнюсь, якая спадцішка псуе чыстае паветра беларускага супольнага жыцця, гадуе і хавае ад гневу народа ў цемры сакрэтнасці сам аўтарытарны рэжым.