У Вільні ўзгадалi выбiтнага беларуса Францішка Аляхновіча

Сёння - Дзень нараджэння беларускага драматурга і літаратара. 9 сакавіка ў Вільні на могілках Росы дэлегацыя з 17-ці сябраў і прыхільнікаў Руха Салідарнасці Разам правяла традыцыйную акцыю ўшанавання памяці выбітнага беларускага драматурга і літаратара, аднаго з заснавальнікаў нацыянальнага тэатра, палітвязня царскага і савецкага рэжымаў, Францішка Аляхновіча. Ён быў забіты ў Вільні 75 гадоў таму – 3 сакавіка 1944 года, паведамляе Радыё Рацыя. Ля сімвалічнай магілы з часовым помнікам выступілі: лідар Руха Салідарнасці Разам Вячаслаў Сіўчык, каардынатар па міжнародных справах Ігар Лялькоў, актывісты Руха Андрэй Мельнікаў і Алена Скам’янава. Беларусаў шчыра вітаў вядомы літоўскі грамадскі дзеяч Стасіс Каўшыніс. Вяла акцыю сустаршыня Руха Алена Талстая. 9-га сакавіка – важная для Беларусі дата, бо ў гэты дзень 100 год таму была прынятая ІІ Устаўная грамата БНР. На 9-е сакавіка прыходзіцца і дзень народзінаў паэта-прарока Украіны Тараса Шаўчэнкі. Вырвацца з кіпцюроў ГПУ – агульная задача і для беларусаў, і для ўкраінцаў, і для ўсіх народаў Міжмор’я, таму асаблівая павага і пашана Францішку Аляхновічу, які першым дэтальна апісаў дзейнасць антылюдскай маскоўскай спецслужбы, – адзначыў у сваёй прамове Вячаслаў Сіўчык.