Падзямеллі Пінску: ці адкрыюць іх для турыстаў?

Наша зямля - як не раскрытая яшчэ месцамі кніга. Дзве аркі ў падвале Музея Беларускага Палесся, верагодна, маюць працяг пад зямлёй у бок касцёлаў, — наяўнага і ўзарванага. А таксама да тунэляў, пра якія згадваюць пінчукі — сведкі часу. Пра аркі стала вядома пасля таго, як набыла розгалас мая кніга «Подземелья Бреста, крепости и…». Праз нейкі час інфармацыя дайшла і да мяне, і я выправіўся ў Пінск. У дырэкцыі музея мяне накіравалі ў навуковы аддзел. Мне паказалі фатаграфіі арак, знойдзеных у старым будынку (калісьці тут месціўся Калегіум езуітаў). Хады за аркамі, відавочна, маюць падземны працяг за перыметрам Калегіума. Проймы закладзеныя адносна новай цэглай. Кладка адной з проймаў уверсе сарваная з раствору, потым цэглы склалі яшчэ раз. «Рабочыя, мабыць, цікавіліся, што там далей, — кажа адна з супрацоўніц. — Верагодна, ход за аркай, дзе разабраная цэгла, вёў да каталіцкага ансамбля, Кафедральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштара францысканцаў.