![]()
На прoфсаюзных лідараў пачаўся чарговы ціск. Адзін з фігурантаў палітычна матываванай “справы прафсаюзаў” Ігар Комлік распавёў сайту palitviazni. info пра тое, што на прфсаюзных лідараў пачаўся чарговы ціск. “Я напісаў скаргу на імя начальніка аддзела прымусовага выканання Фрунзенскага раёна і падаў хадайніцтва, каб выканаўчая справа была прыпынена да таго часу, пакуль дакладна не высветляць, якая за мной застаецца запазычанасць”, – кажа суразмоўца. Нагадаем, што аддзелы прымусовага выканання Цэнтральнага і Фрунзенскага раёнаў Мінска распачалі выканаўчую справу ў дачыненні да лідараў незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. З улікам канфіскаваных падчас ператрусаў грошай у жніўні 2017 года Фядынічу і Комліку заставалася выплаціць каля 4 тысяч беларускіх рублёў. Але судовыя выканаўцы хочуць спагнаць больш за 50 тысяч паводле прысуду па “справе прафсаюзаў”, а таксама за правядзенне экспертыз і кампенсацыю дзяржаўнай пошліны. – У звязку з гэтым і наклалі арышт на кватэру Фядыніча, мой аўтамабіль “Пежо-308”, а таксама на прычэп да яго, – кажа Ігар Комлік.