![]()
Экалагічныя пратэсты могуць выйсці на іншы ўзровень. Адразу ў некалькіх рэгіёнах Беларусі разгарнулася барацьба грамадзян супраць забруджання прыроды. Адной з самых “гарачых кропак” супрацьстаяння грамадзянскай супольнасці з уладамі з’яўляецца Берасце, дзе гараджане ўжо больш за год змагаюцца супраць пабудовы акумулятарнага завода. Гэтае змаганне адметнае тым, што, у адрозненне ад многіх іншых выпадкаў, калі грамадзяне пачыналі пратэставаць супраць небяспечных экалагічных аб’ектаў пасля іх адкрыцця, берасцейцы актывізаваліся яшчэ да запуску завода. Блогерамі і сябрамі ініцыятыўнай групы была праведзеная вялікая інфармацыйная праца, у выніку чаго, напэўна, ва ўсім Берасці не знойдзеш дарослага чалавека, які не ведаў бы пра патэнцыйныя праблемы ад функцыянавання небяспечнага прадпрыемства. Лідары пратэстаў выкарыстоўваюць разнастайныя метады для барацьбы, запісваюць кліпы, ладзяць флэшмобы, звяртаюцца да чыноўнікаў і выходзяць на масавыя акцыі штонядзелю. Усе гэтыя ініцыятывы шырока асвятляюцца ў СМІ.