Герой відэа пра родную мову з Беластока: Мае продкі гаварылі па-беларуску

Як польскія беларусы агітуюць за родную мову. Cуразмоўца Радыё Рацыя – зусім малады, але пазнавальны. У тым ліку дзякуючы кароткаму роліку, падрыхтаванаму кампаніяй Грамадскія арганізацыі Гэта працуе. Відэа здымалася ў польскіх Мастаўлянах да Дня роднай мовы. Размаўляем з героем гэтага роліка, вучнем пачатковай школы №4 у Беластоку Аляксандрам Здрайкоўскім. Ён кажа, што праца падабалася і было вельмі прыемна. - Скажы, калі ласка, адкуль ты сам ведаеш беларускую мову?– Я беларускую мову пачаў вывучаць у дзіцячым садку, а пасля ў школе. - Сам хацеў вывучаць мову?– Так, бо я вельмі люблю пазнаваць новыя рэчы, і штось мяне так узяло, каб навучыцца. - А лічыш беларускую мову сваёй роднай?– Так, мае продкі гаварылі па-беларуску, і я таксама лічу, што гэта мая родная мова. - Ты жывеш у Беластоку, і вакол – польская мова. А дзе ты можаш пагаварыць па-беларуску або па-свойму?– Вядома, з бацькамі, з дзядулем, з бабуляй, з сям’ёй. І ў школе ёсць заняткі чатыры разы ў тыдні. - Пэўна, гэта цяжкае пытанне, але што табе падабаецца ў беларускай мове, чым яна прыгожая і цікавая?– Я не ўмею гэта словамі сказаць, я адчуваю папросту, што гэта цудоўная мова.