![]()
Жыхары Ізраіля знаходзяць сілы будаваць сваю краіну і штодня адстойваць яе незалежнасць. «У кожнага прыстойнага чалавека ёсць сваякі ў Ізраілі», — з выразным грасіраваннем кажа мая сяброўка. Ну, сваякі, не сваякі, але выхадцы з Беларусі досыць шчыльна ўвайшлі ў гісторыю гэтай краіны. Асаблівы гонар ад гэтага адчуваеш, калі трапляеш у Ізраіль сённяшні і бачыш, як з бязлюднай пустэчы тутэйшая зямля менш чым за стагоддзе пераўтварылася ў сапраўдную краіну цудаў. Чыстая латарэяКанешне ж, усе ведаюць, што першым прэзідэнтам Ізраіля быў наш зямляк з Моталя Хаім Вейцман. Шырока вядомы яшчэ адзін кіраўнік краіны і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Шымон Перэс з Вішнева на Валожыншчыне, ды іншыя грамадскія і палітычныя дзеячы, якія самі ці іх продкі паходзілі з нашых земляў. Але ці ведаеце вы, як утварыўся Тэль-Авіў, другая сталіца, эканамічны і культурны цэнтр Ізраіля, які сёлета адзначыць 110-годдзе? Гісторыя яго пачалася 11 красавіка 1909 года, калі сярод голай пустэчы 66 чалавек зладзілі латарэю ракушак (літаральна: на ракушках напісалі нумары і прозвішчы), падчас якой размеркавалі яшчэ неіснуючыя ўчасткі зямлі яшчэ неіснуючага яўрэйскага квартала Ахузат-Байт побач са старажытным горадам Яфа.