Гібрыдная палітыка Лукашэнкі

Тэрмін «мяккая беларусізацыя» можна скасаваць з-за неадпаведнасьці. Апошняя прэсавая канфэрэнцыя беларускага кіраўніка, як мне падаецца, дала вычарпальны адказ на пытаньне, як ён ставіцца да «мяккай беларусізацыі» і для чаго яна яму патрэбная. Падчас «вялікай размовы» 1 сакавіка Аляксандар Лукашэнка даволі пэўна выказаўся пра ўсё тэмы, якія хвалююць незалежнае беларускае грамадзтва, і якія ў той ці іншай ступені можна адносіць да праблемаў нацыянальнай ідэнтычнасьці, беларусізацыі, лібэралізацыі ўнутранага жыцьця. Наконт сьвяткаваньня чарговай гадавіны БНР — «стадыён Дынама не дазволім, гэта асабістая абраза мне, ідзіце на Бангалор». Пра Курапаты — «каб дэманстрацыі з крыжамі па пэрымэтры не было. Навошта вы павыстаўлялі там белыя крыжы?» У рэстаране «поедем-поедим» Лукашэнка не пабачыў нічога кепскага. Наконт беларускамоўнага ўнівэрсытэту — «гэта нам ня трэба, у нас і так дастаткова людзей, якія вучацца ў існуючых вну на беларускай мове». Тут варта нагадаць, што па ўсёй Беларусі на беларускай мове навучаўся 291 студэнт — і гэтая колькасьць паменшылася ў 103 разы ў параўнаньні з 90-я гадамі.