Як менскiя бабулі ваявалі за касцёл на плошчы Свабоды

Гісторыя самага дзіўнага супрацьстаяння ў беларускім спорце. Бялюткі двухвежавы архікатэдральны касцёл, што месціцца на сталічнай плошчы Свабоды, ужо даўно стаў адной з візітовак сталіцы. Яго выяву часта друкуюць на магнітах і календарах, ён нярэдка трапляе ў разнастайныя рэкламныя ролікі пра Мінск і пастаянна прыцягвае ўвагу замежных турыстаў. Здаецца, такім велічным і прыгожым ён быў заўжды. Але далёка не кожны ведае, што яшчэ 30 гадоў таму ў перабудаваных старых касцёльных памяшканнях дзейнічала спартыўная школа «Спартак». І вернікам у 1990-х прыйшлося літаральна ваяваць за тое, каб ім вярнулі старадаўнюю святыню. *Касцёл напачатку 18 стагоддзя за дзесяць гадоў збудавалі езуіты, якія незадоўга да гэтага з’явіліся на землях сучаснай Беларусі. Праз пэўны час барочны храм упрыгожылі званамі і гадзіннікамі, што прывезлі ў Мінск з Данцыга. У 1820-м храм перасвяцілі ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Святыня ніколі ў тыя часы не зачынялася і без перабояў дзейнічала аж да 1917 года.