Як заводзкі токар ствараў відэахроніку беларускай незалежнасці

Знятае Сяргеем Чырыкам застанецца назаўжды. Гісторыя Беларусі апошніх дзесяцігодзьдзяў у кіна- і відэастужках, якую сабраў менскі актывіст БНФ і самадзейны апэратар Сяргей Чырык, зьберагаецца ў яго дома на сотнях касэт. Гэта кілямэтры нацыянальнай памяці, кажа аўтар прыватнага відэаархіву. Сяргей Чырык апавёў Свабодзе гісторыю сваёй апэратарскай працы, якая пераплялася з найноўшай гісторыяй Беларусі. Сёлета ў верасьні Сяргей Чырык адзначыць 60-гадовы юбілей. Роўна палову жыцьця ён здымае відэа. Адмысловай адукацыі відэаапэратара ня мае, але зьняў і захоўвае сотні рознафарматных стужак з хронікай знакавых падзеяў найноўшай гісторыі Беларусі. Утварэньне БНФ, першыя сьвяткаваньні Дня Волі, Дзядоў, Дня вайсковай славы, курапацкія і чарнобыльскія шэсьці, пратэсты менскіх рабочых і візыт Біла Клінтана — гістарычныя кадры вяртаюць у эпоху, якая стала падмуркам беларускага сувэрэнітэту. «Я, відаць, адзіны, хто захаваў архівы ў поўным аб’ёме», — кажа ў інтэрвію Свабодзе Сяргей Чырык, сябра Беларускага саюзу кінэматаграфістаў, апэратар-пастаноўшчык шэрагу дакумэнтальных фільмаў, зьнятых у «Відэацэнтры».