Пяць фактаў пра стваральніка бел-чырвона-белага сцягу

Клаўдзій Дуж-Душэўскi прыдумаў канцэпцыю сцяга, які па сённяшні дзень асацыюецца са свабодай і незалежнасцю. 25 лютага спаўняецца 60 год з дня смерці аднаго з «айцоў» БНР Клаўдзія Дуж-Душэўскага. Менавіта ён, паспяховы, энергічны, удачлівы архітэктар прыдумаў канцэпцыю сцяга, які па сённяшні дзень асацыюецца са свабодай і незалежнасцю. Няма патрэбы пераказваць у драбніцах увесь жыццёвы шлях нашага героя, спынімся адно на некаторых найбольш цікавых момантах — феноменах Душэўскага, якія і зрабілі яго самім сабою. 1. Генэзіс: патомны паўстанец і будаўнік Імя і падвойнае прозвішча выдаюць у Клаўдзіі Дуж-Душэўскім патомнага шляхціча. Так і было, але толькі па лініі маці — Евы. Ягоны прадзед з прозвішчам Урублеўскі ўдзельнічаў у паўстанні 1830-31 гадоў, дзед — у паўстанні 1863-64 гадоў. Абодва загінулі. Усе яны былі прадстаўнікамі краёвай эліты, якая ў палітычным сэнсе вызнавала сябе палякамі, этнічна — літвінамі. Лінія бацькі дала хлопцу схільнасць да тэхнічных навукаў ды будаўніцтва.