Недаацэнены

Станіслаў Шушкевіч - пра Рыгора Барадулiна. Імя Рыгора Барадуліна я ўпершыню пачуў, мабыць, ад свайго бацькі. І гэта нягледзячы на тое, што мы з Барадуліным былі студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прыкладна ў адзін і той жа час — ён закончыў БДУ ў 1959 годзе, я — у 1956-м. Мой бацька вярнуўся з Сібіры ў Мінск у гэтым годзе, у 1956-м… Ён вельмі любіў прымаць гасцей, любіў жартаваць і, мне здаецца, разумеў жарты і не заўважаў чужога нахабства. Фота: novychas. by У маладыя гады ў яго здараліся цікавыя сутычкі з вядомымі расійскімі паэтамі. Для яго не існавала аўтарытэтаў, народжаных не ім самім. Калі ў Мінску выступаў Маякоўскі, бацька задаў яму нейкае пытанне, на што Маякоўскі сказаў: «Што ты там пляцеш?» Бацька адказаў: «Калі я “пляту”, дык я пайду». І — пакінуў залу, хоць большасці прысутных гэта не спадабалася…Што да беларускіх пісьменнікаў, дык бацька любіў іх перш за ўсё за творчасць, а іншых проста за беларускасць. Дома ў яго бывалі не толькі добра знаныя Васіль Зуёнак, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Законнікаў, але і амаль нікому невядомыя літаратары.